Ад крадзенага не пасыцееш

Ад крадзенага не пасыцееш — «Беларускія народныя казкі».

Ад крадзенага не пасыцееш (ілюстратар: Вячаслау Валынец)

Былі ў аднаго чалавека два сыны. Як выраслі яны, бацька сказаў:

— Пара, сыны, за сталую работу брацца. Хто з вас чым хоча заняцца?

Маўчаць сыны — не ведаюць, якую сабе работу выбраць.

— Ну, дык пойдзем, — кажа бацька, — у свет, паходзім, паглядзім, што людзі робяць.

Сабраліся і пайшлі.

Ідуць так памаленьку, сыны да ўсяго прыглядаюцца, думаюць, якую работу ім выбраць.

Падышлі да адной вёскі. Бачаць — стаіць пры канцы вёскі кузня. Зайшлі яны ў кузню. Прывіталіся да каваля, пагаварылі. Старэйшы сын нават молат у рукі ўзяў — памог кавалю нарог выкаваць.

І зноў далей рушылі.

Падышлі да другой вёскі. Старэйшы сын паглядзеў туды-сюды: не відаць кузні ў гэтай вёсцы. Вось ён і кажа да бацькі:

— А чаму б і тут кузню не паставіць? Я мог бы за каваля застацца. Мне гэта работа падабаецца.

Бацька зарадаваўся: знайшоў, думае, большы сын сабе спосаб да жыцця!

— Добра, — кажа, — будзь кавалём у гэтай вёсцы.

Паставіў ён сыну кузню, той і пачаў кавальскаю справаю займацца. Людзі яго хваляць, і сам ён сваёю работаю задаволены.

А меншы сын, колькі ні ходзіць, — ніяк не можа работу па густу выбраць.

Ідзе ён аднаго разу з бацькам каля лугу. Бачыць — пасецца на лузе вол. А вёска далекавата, і пастуха не відаць.

— Ці не пачаць мне, бацька, валоў красці? — кажа сын. — Работа гэта лёгкая, і кожны дзень з мясам буду. Растаўсцею і сам, як вол.

— Крадзь, — кажа бацька. — На тое ж я цябе і ваджу, каб ты сабе які сталы занятак выбраў.

Ад крадзенага не пасыцееш — «Беларускія народныя казкі».
Ад крадзенага не пасыцееш (ілюстратар: Вячаслау Валынец)

Заняў сын вала і пагнаў дахаты. А бацька кажа:

— Пачакай мяне пры лесе — мне трэба яшчэ ў гэтую вёску заглянуць: там адзін мой знаёмы жыве…

Гоніць сын вала ды ўсё азіраецца, як воўк, ці не бяжыць хто за ім. Пакуль да лесу дагнаў, дык добра такі перадрыжаў. Аж млосна ад страху зрабілася.

Пачакаў ён на ўзлеску, пакуль бацька вярнуўся, і пагналі разам вала дахаты.

Зарэзалі дома вала, знялі шкуру ды пачалі варыць свежаніну.

Наварылі, бацька кажа сыну:

— Вось што, сынку, давай знімем меркі і паглядзім, хто з нас ад гэтага вала пасыцее.

Узяў ён шнурок, змераў шыю сабе і сыну і завязаў вузельчыкі.

Селі за стол. Бацька есць спакойна, а сын усё на дзверы паглядае: ці не ідзе хто вала шукаць? Забрэша сабака, пройдзе ці праедзе хто — сын за мяса ды ў каморку хаваецца… А ў самога рукі і ногі дрыжаць.

І пайшло так дзень за днём.

Зʼелі нарэшце таго вала. Бацька кажа сыну:

— А цяпер давай шыі мераць: хто з нас пасыцеў?

Памералі, дык у бацькі шыя ўдвая патаўсцела, а ў сына ўдвая патанчэла. Дзівіцца сын:

— Чаму гэта так?

— Бо ты еў крадзенага вала, — кажа бацька.

— Дык жа і ты крадзенага еў!

— Не, я заплаціў за вала гаспадару і еў, як свайго. Таму я і пасыцеў. А ты як сядзеш за стол, дык страх адразу на шыю скок і душыць! Праз гэта яна і худзее. Ад крадзенага, брат, не пасыцееш!

Белорусские Сказки,