Андрэй за ўсіх мудрэй

Андрэй за ўсіх мудрэй — «Беларускія народныя казкі».

Андрэй за ўсіх мудрэй (Беларускія народныя казкі)

Жыў адзін цікаўны хлопец Андрэй. Хацеў ён усё ведаць. Куды ні гляне, што ні ўбачыць,— аб усім у людзей распытваецца, да ўсяго дапытваецца. Плывуць у небе хмары… Адкуль яны ўзяліся? Куды плывуць? Шуміць за вёскаю рака… Куды бяжыць яе вада?

Расце лес… Хто пасадзіў яго? Чаму птушкі з крыламі, усюды вольна лятаюць, а ў чалавека няма крылаў?

Адказвалі яму людзі, адказвалі, нарэшце бачаць, што і самі не ведаюць, што адказваць.

— Ты, Андрэй, хочаш быць за ўсіх мудрэй,— пачалі смяяцца з яго людзі.— Хіба ж можна ўсё ведаць?

Ды не верыць Андрэй, што нельга ўсяго ведаць.

— Пайду,— кажа,— да самога сонца: яно ўсюды свеціць, усё бачыць і ўсё ведае. Яно мне і раскажа, чаго я сам не ведаю.

Пакінуў ён сваю хатку ды і пайшоў шукаць таго месца, куды сонца на начлег спускаецца.

Ідзе ды ідзе, бачыць — сядзіць пры дарозе на камені чалавек ды пытаецца ва ўсіх: «Дакуль я тут сядзець буду?»

Андрэй яму таксама нічога не мог адказаць.

Пайшоў ён далей. Бачыць — чалавек падпірае плячыма плот.

— Што гэта ты, дзядзька, робіш? — пытаецца Андрэй.— Навошта гэты стары плот падпіраеш?

— Не ведаю… Можа, ты ведаеш?

— Каб ведаў, дык не шукаў бы таго, хто ўсё ведае,— адказаў Андрэй і рушыў далей сваёю дарогаю.

Прайшоў крыху, бачыць — чалавек смецце пераграбае.

— Навошта ты, дзядзька, смецце пераграбаеш?

— Не ведаю…

— Ну і я не ведаю,— сказаў Андрэй і пайшоў далей сваёю дарогаю.

Доўга ён ішоў ці нядоўга, прыйшоў у вялікі лес. Цэлы дзень блукаў па ім, нарэшце, пад вечар, выбраўся на палянку. I тут яму раптам аж вочы засляпіла: такі бляск з палянкі рэзнуў. Аджмурыў ён вочы, бачыць — недалёка сонцавы палацы як агонь гараць. Ледзьве ўвайшоў ён у палацы,— нічога ад бляску не відаць. Разгледзеўся сяк-так, бачыць — сядзіць у крэсле старэнькая сонцава маці.

— Чаго ты, хлопча, прыйшоў сюды? — пытаецца яна.

Пакланіўся ёй Андрэй і кажа:

— Прыйшоў да сонца пра сёе-тое распытацца…

— Пра што ж гэта сёе-тое?

— Ды пра ўсё, чаго сам не ведаю.

— А чаго ж ты сам не ведаеш?

Пачаў ёй расказваць Андрэй, а старая слухала, слухала ды і пазяхаць стала.

— Добра,— кажа яна,— пачакай крыху — хутка сын вернецца нанач. А я тым часам падрамлю: вельмі ж змарылася за доўгі дзень.

Выйшаў Андрэй з палацаў, наклаў агню, пачаў смажыць сала на ражончыку: прагаладаўся ж за доўгую дарогу!

Наеўся ён сала з хлебам. Захацелася піць. Пайшоў да рэчкі і нагнуўся да вады. Раптам бачыць — падымаецца з дна ракі дзяўчына, ды такая прыгожая, што і вачэй не адарваць. І дзяўчына на яго загледзелася.

— Не пі вады з ракі,— кажа яна,— бо сонца цябе спаліць!

— Але ж мне вельмі піць хочацца…

— Ідзі за мною.

Прывяла яго дзяўчына да старога дуба, а з-пад яго б’е крыніца чыстай сцюдзёнай вады.

Нагнуўся Андрэй і напіўся ўволю крынічнай вады. Тым часам пачало апускацца з неба сонца ў свае палацы. Трэба да яго ісці, ды не можа ён з прыгожаю дзяўчынаю расстацца.

— Ты ж глядзі, не кажы сонцу, што мяне тут бачыў,— сказала дзяўчына, узнялася ўгору і заблішчала адтуль яснаю зоркаю.

Пайшоў Андрэй у палацы. А там сонца гэтак пячэ, што аж сцены палацаў трашчаць. Але Андрэю нішто — напіўся крынічнай вады, дык і не можа сонца яго даняць. Толькі шапку насунуў на лоб, каб вачэй не высмаліла.

Андрэй за ўсіх мудрэй - «Беларускія народныя казкі».
Андрэй за ўсіх мудрэй — «Беларускія народныя казкі».

Расказаў ён сонцу, чаго прыйшоў. Сонца кажа:

— Вучыць цябе мне няма часу. Але я зраблю так, што ты ўсё сам будзеш ведаць.

Пры гэтых словах сабрала сонца ўсе свае праменні ў адзін пучок ды бліснула яму ў галаву. I адразу адчуў Андрэй, што галава яго стала яснай і светлай, толькі надта гарыць, а сэрца раптам халодным зрабілася, як лёд…

Выйшаў ён з палацаў. Нядобра яму стала з халодным сэрцам. Успомніў ён пра дзяўчыну. I так захацелася ўбачыць яе яшчэ хоць раз, што аж млосць бярэ. Пачаў ён клікаць яе. Скацілася з неба ясная зорка і стала перад ім прыгожаю дзяўчынаю. Як глянуў на яе Андрэй, дык адразу і адчуў, што сэрца яго зноў стала такім, як было.

Узяў ён дзяўчыну за руку і павёў у свой край. I такім ён шчаслівым цяпер ішоў, што і птушкам з крыламі не зайздросціў.

Падышлі яны да таго чалавека, што смецце пераграбае. Паглядзеў на яго Андрэй, і ўсё яму ясна стала.

— Ты,— кажа ён чалавеку,— шукаеш у смецці згубленыя капейкі і дарма толькі час траціш. Бярыся лепш за работу, дык хутчэй заробіш тыя капейкі, чым іх знойдзеш.

Паслухаў яго чалавек, кінуў марную работу, пачаў працаваць і нажыў і гаспадарку, і грошы на патрэбу.

Ідуць яны далей, убачылі чалавека, што плот плячыма падпірае. Паглядзеў на яго Андрэй і кажа:

— Не падпірай ты, чалавеча, таго, што згніло, бо яно ўсё роўна ўпадзе. Зрабі лепш новы плот.

Паслухаў яго чалавек і паставіў новы плот.

Дайшлі яны да таго чалавека, што на камені сядзіць і не ведае, дакуль яму тут сядзець. Андрэй кажа яму:

— Не будзь, чалавеча, такі скупы: дай пасядзець на гэтым камені і іншым падарожным людзям.

Зняў Андрэй чалавека з каменя і сеў сам з дзяўчынаю. А чалавек вясёлы пабег дахаты.

Адпачылі яны крыху ды рушылі далей, у той край, дзе жыў Андрэй.

I цяпер не Андрэй у людзей пра ўсё распытваецца, а людзі ў яго.

Так стаў Андрэй за ўсіх мудрэй.

Источник: https://be.wikisource.org

Белорусские Сказки,