Брахун і падбрэхіч

Брахун і падбрэхіч  — «Беларускія народныя казкі».

Брахун і падбрэхіч (ілюстратар: Валерий Слаук.)

Жыў некалі пад Мазыром адзін чалавек. Рабіць ленаваўся, красці баяўся. А лгун быў — пашукаць — не знойдзеш. Чаго толькі ён не выдумляў!

Жонка жартуе з яго і лае за хлусню, а ён свайго не пакідае.

Аднаго разу жонка і кажа мужыку:

— Каб за тваю хлусню хто плаціў — во багатыя былі б мы!

— А чаму ж! — адказвае мужык.— Можна і плату браць.

— З каго?

— З тых, хто будзе мяне слухаць.

Пажартавала жонка, а мужык сабраўся і падаўся ў заработкі.

Ідзе ды ідзе, сустракае па дарозе чалавека. Спыніліся, разгаварыліся.

— Ты хто будзеш? — пытаецца сустрэчны.

— Брахун,— адказвае мужык.— А ты хто?

Падумаў той і кажа:

— А я — Падбрэхіч.

— О,— узрадаваўся Брахун,— такі таварыш мне і патрэбен. Хадзем са мною!

— Хадзем.

І пайшлі яны разам.

Ішлі, ішлі, бачаць: стаіць пень пры дарозе. Брахун кажа:

— Вунь, брат, воўк пабег!..

— Ну і што! — адказвае Падбрэхіч.— Я двух толькі што бачыў, ды і то прамаўчаў.

— Малайчына! — пахваліў Брахун Падбрэхіча.— З табою мы не прападзём.

Пайшлі далей. Бачаць: панскія агароднікі грады робяць, збіраюцца капусту садзіць. А каля іх цівун з бізуном пахаджвае.

— Памагай бог! — прывітаўся Брахун да агароднікаў.

— Дзякуем! — адказалі агароднікі.— Адкуль вы, людзі добрыя?

— З-пад Мазыра.

Слова за слова, разгаварыліся.

— А як у вашых краях капуста родзіць? — пытаецца Брахун.

— Нішто. Бывае, качаны па вядру вырастаюць.

— Ну,— скрывіўся Брахун,— гэта не капуста, а арэшкі. Вось у нас капуста расце: рота салдатаў пад адным лістом у дождж хаваецца.

Сказаў і адышоўся ўбок.

Цівун пачуў гэтую гаворку. «Вось бы такую капусту нашаму пану завесці!» — думае.

Падышоў ён да Падбрэхіча, пытаецца:

— Хто гэты чалавек?

— Гаспадар мой.

— А пра капусту ён праўду кажа?

— Чыстую праўду! — божыцца Падбрэхіч.— У нас агарод пры дарозе быў. Аднаго разу ехалі паны шасцерыком у карэце. Коні разгарачыліся ды зляцелі з дарогі проста ў капусту. То — дайце веры! Вось у карэце хоць і жалезная была, а як зачапілася за качан, дык і лопнула. А качану хоць бы што: нават з месца не скрануўся. Во якая капуста ў нас расце!

— Ай-яй-яй! — дзівіцца цівун.— А гарбузы?

— Растуць яшчэ лепш,— адказвае Падбрэхіч.— У тым жа агародзе былі і гарбузы. Дык адзін гарбуз рос, рос і ўсю дарогу загарадзіў. Ехалі паны, на гэты раз чацверыком. Коні імчаліся наўгалоп. Ведама, панскія стаеннікі, ‘не спрацаваныя, як нашы. Фурман не мог іх стрымаць. Дык яны проста на той гарбуз наляцелі. Гарбуз — трах і раскалоўся. А коні так і ўваліліся ў яго мякіш разам з карэтаю і з панамі. Фурман ледзьве паспеў сам з козлаў саскочыць. Збегаў ён дахаты па сякеру, прасек ў гарбузе дзірку, залез усярэдзіну. Ды так і да гэтага часу шукае там сваіх паноў.

Цівун аж вочы вытрашчыў.

— А ці не мог бы твой гаспадар навучыць і мяне такую капусту і такія гарбузы садзіць? — пытаецца.

— Папрасі, можа, і навучыць.

— Гэй, чалавек! — гукнуў цівун да Брахуна.

Брахун падышоў:

— Што скажаш?

— Навучы мяне, чалавеча, капусту і гарбузы садзіць.

— Можна, чаму не навучыць. Толькі за навуку я дзешава не бяру.

— А колькі возьмеш?

— Пяцьсот рублёў за капусту і пяцьсот — за гарбузы.

— Дарагавата,— паморшчыўся цівун.— Ну, ды вучы!

— Не,— кажа Брахун.— Спачатку задатак давай. А рэшту — як ураджай знімеш.

— Колькі задатку?

— Любую палавіну.

Схадзіў цівун у маёнтак да пана, прынёс грошы.

Узяў Брахун задатак і кажа:

— А цяпер я мушу ў Мазыр па насенне ісці. Тут адмысловае насенне патрэбна. Мой памочнік няхай пакуль што градкі мерае.

Завярнуўся і пайшоў. А Падбрэхіч тым часам узяў палку ды давай градкі мераць. Да вечара мераў, а як сцямнела — толькі яго і бачылі.

Сустрэліся назаўтра Брахун і Падбрэхіч.

— Ну вось,— кажа Брахун,— пяцьсот рублёў ужо зарабілі. Пойдзем далей.

Доўга ішлі ці нядоўга, прыходзяць адвячоркам у вялікі горад. Там майстры касцёл будавалі.

— Памагай бог! — прывітаўся Брахун.

— Дзякуем!

— А што, хлопцы, касцёл ваш высокі будзе?

— Высокі, уга! Сажняў з дзесяць.

— Э, гэта не касцёл, а каплічка. Вось мы з прыяцелем касцёлы будавалі, пад самыя воблакі.

Сказаў так Брахун і адышоўся ўбок, быццам касцёл агледзець. Майстры пытаюцца ў Падбрэхіча:

— Гэта праўда?

— Чыстая праўда! — клянецца Падбрэхіч.— Калі мы пабудавалі ў адным мястэчку касцёл, дык ксяндзоў певень на самы крыж узабраўся і адтуль палавіну месяца здзёўб…

Паглядзелі майстры на месяц, а яго і праўда — усяго палавінка на небе! Яны і паверылі.

— Навучыце і нас такія касцёлы будаваць! — просяцца.

— Можна,— адказвае Брахун.— Толькі дорага будзе каштаваць навука.

— Колькі?

— Тысячу.

— Што ж, пойдзем да ксяндза.

Ксёндз як пачуў пра такі высокі касцёл, што аж да самага месяца крыжам дастае, дык адразу згадзіўся даць тысячу рублёў майстрам за навуку.

Узяў Брахун пяцьсот рублёў задатку і ўхапіўся за работу. Папрацаваў з памочнікам да вечара, а там — шукай ветру ў полі.

Падзялілі Брахун і Падбрэхіч заработкі і пайшлі дахаты.

Ідуць ды ідуць, бачаць: едзе па дарозе пан.

Фурман крычыць здалёку:

— Дарогу!

Брахун адказвае:

— Мы — брахунцы, з дарогі не саступаем!

— Якія там яшчэ брахунцы? — дзівіцца пан.

— А такія, пане: калі захочам, выбрашам у пана гэтую пару конікаў.

— Ну, брашыце! — смяецца пан.

Брахун і падбрэхіч (ілюстратар: Валерий Слаук.)
Брахун і падбрэхіч (ілюстратар: Валерий Слаук.)

— Але ж, пане, гэта доўгая работа,— кажа Брахун.— А вунь там, за лесам, адкуль дымок віецца, жывуць старыя брахуны, тыя адразу могуць выбрахаць. Няхай пан адпражэ аднаго каня і дасць майму памочніку, ён з’ездзіць па іх.

Пана ўзяла цікавасць: што там за старыя брахуны? Ён і кажа фурману:

— Адпражы яму каня, няхай з’ездзіць.

— Што вы, пане,— запярэчыў фурман.— Ён як паедзе, дык і не вернецца.

Брахун паціснуў плячыма.

— Цікава, пане, хто тут пан: ты ці фурман?

— Як — фурман?! — закрычаў пан.— Я естам пан!

Рабі,— кажа да фурмана,— што табе загадана.

Выпраг фурман каня. Падбрэхіч сеў на яго і пасмаліў за лес.

Чакаў, чакаў пан — няма ні брахуноў, ні каня.

— Яны майго памочніка, відаць, не паслухаліся,— кажа Брахун.— Вось каб я сам паехаў, дык як бач прывёз бы іх.

— Едзь! — кажа пан.— Толькі хутчэй, бо мне дахаты пара.

Сеў Брахун на другога каня і паджгаў услед за Падбрэхічам.

Прыязджае дахаты. А там жонка накінулася на яго:

— Дзе ты цягаешся, стары лгун? Лепей бы з торбамі пахадзіў, то, можа, хоць хлеба зажабраваў бы.

— Навошта жабраваць? — кажа Брахун.

Высыпаў ён на стол цэлую кучу грошай.

— Дзе ты дастаў? — дзівіцца жонка.

— Зарабіў,— смяецца мужык.— Вунь яшчэ і прыдача: панскі гняды конь на двары стаіць. А ты кажаш: за хлусню грошы не плацяць. Яшчэ і як плацяць!

Стаў ён жыць-пажываць ды яшчэ больш ілгаць.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_10279

Белорусские Сказки,