Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі

Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі — «Беларускія народныя казкі».

Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі (ілюстратар: Вячаслау Валынец)

Жыў-быў у адной вёсцы бабыль Хведар Набілкін. Слабаваты ён быў сілаю, затое меў галаву з розумам.

Захацелася яму стаць асілкам. «Чым я не асілак? — думае сабе Хведар Набілкін. — І чаму толькі дужыя могуць быць асілкамі?»

Справіў ён сабе палатняны шацёр, сядло, узяў касу замест мяча, сеў на сваю дохлую кабылку і паехаў у свет.

Ехаў, ехаў і даехаў да вялікага горада. Бачыць — стаіць пры дарозе слуп, а на ім розныя абʼявы вісяць. Ён гэта зараз выняў з кішэні аловак і напісаў сваю абʼяву, што ў такім-та годзе, такога-та месяца, такога-та дня праехаў паўз гэты горад магутны асілак Хведар Набілкін — ззаду яго не даганяць, спераду не сустракаць, а здалёку стаць, шапку зняць і павіншаваць!

Прыбіў абʼяву да слупа, а сам далей падаўся.

Тым часам едзе неўзабаве па гэтай дарозе сапраўдны асілак Дубавік. Прачытаў абʼяву і дзівіцца: што за новы асілак зʼявіўся ў іхнім царстве? Як жа на яго хоць паглядзець: ззаду даганяць забараняецца, спераду сустракаць не дазваляецца… Прыйдзецца хіба хоць здалёку пакланіцца яму!

Дубавік тры вярсты кругу даў, наперад заехаў, шапку зняў і крычыць:

— Добры дзень, магутны асілак Хведар Набілкін! Хачу тваім малодшым таварышам стаць. Дзе загадаеш мне ехаць з табою — ззаду ці спераду?

— Ззаду едзь! — адказаў Хведар Набілкін.

Вярнуўся асілак назад і паехаў за ім назіркам.

Прыехалі на шырокі зялёны луг. Хведар Набілкін пусціў сваю кабылку пасвіцца, а сам разапнуў шацёр і лёг спаць.

І Дубавік свой шацёр разапнуў воддаля.

Назаўтра ўстаў Дубавік, пачаў меч вастрыць на вялікім бруску. А Хведар Набілкін, убачыўшы гэта, давай сваю касу вастрыць на камені. Меч вострыцца ціха: шах-шах, а каса — дзын-дзын аб камень!

Дубавік думае з зайздрасцю: «Ну і меч жа ў гэтага асілка! Звініць — не тое што мой».

Пастаялі яны на лузе два дні, на трэці Дубавік і кажа Хведару Набілкіну:

— Жыве тут недалёка цмок трохгаловы. Выклікае ён да сябе каго-небудзь з асілкаў на бой. Ці сам паедзеш, ці мяне пашлеш?

— Ат, — плюнуў Хведар Набілкін, — буду я аб такую драбязу рукі пэцкаць! Едзь ты!

Ну, асілак сабраўся і паехаў. А Хведар Набілкін лёг спаць.

Прыязджае Дубавік да цмока.

— Хто ты? — пытаецца цмок. — Ці не сам Хведар Набілкін? Чуў я пра цябе, — кажуць, нават абʼява вісіць, што новы магутны асілак у гэтым царстве завёўся.

Бачыць Дубавік: цмок дужа баіцца новага асілка Хведара Набілкіна. Ён і адказвае яму:

— Але, сам Хведар Набілкін…

— Ну што ж, Хведар Набілкін: будзем біцца ці мірыцца?

— Не, нячыстая сіла, не дзеля таго ехаў сюды сам Хведар Набілкін, каб мірыцца, а дзеля таго, каб біцца!

Выхапіў асілак Дубавік свой востры меч і адсек цмоку ўсе тры галавы. Дзве галавы ў дрыгве затаптаў, а трэцюю на меч уссадзіў і вязе напаказ свайму старэйшаму таварышу Хведару Набілкіну. Прыехаў і пытаецца:

— Дзе загадаеш цмокаву галаву падзець?

— Кінь у куст! — махнуў рукою Хведар Набілкін.

Тым часам каля таго горада праязджаў асілак Гаравік. Убачыў абʼяву і здзівіўся: эге, вось з кім цікава было б сустрэцца! Паехаў ён па слядах і прыехаў на шырокі зялёны луг. Здалёку пакланіўся Хведару Набілкіну і кажа:

— Ці не прымеш мяне, магутны асілак Хведар Набілкін, за таварыша?

— Добра. Стаў свой шацёр. Паставіў свой шацёр і Гаравік.

Назаўтра Гаравік кажа Набілкіну:

— Абʼявіўся ў нашым краі паганы цмок з шасцю галовамі. Дык ці сам паедзеш біцца з ім, ці мяне пашлеш?

— Ат, — плюнуў Хведар Набілкін, — буду я аб такую драбязу рукі пэцкаць! Едзь ты!

Паехаў Гаравік, адсек усе шэсць галоў цмоку і адну напаказ прывёз.

— Дзе загадаеш цмокаву галаву падзець? — пытаецца ў Хведара Набілкіна.

— Кінь у куст дрэнь гэтую!

Шырока пайшла слава пра асілка Хведара Набілкіна. Дайшла чутка пра яго і да дзевяцігаловага цмока. Выклікае ён Хведара Набілкіна на бой. Хацеў Хведар Набілкін і на гэты раз каго з сваіх малодшых таварышаў паслаць, ды тыя адмовіліся.

— Мы ўжо, — кажуць, — ездзілі, цяпер твая чарга, ды і цмок па тваёй сіле трапіўся: нам з ім не справіцца.

Ну, нічога не зробіш: трэба ехаць. Ці ж да твару магутнаму асілку гонар свой траціць? Сабраўся Набілкін, сеў на сваю дохлую кабылку і паехаў.

А цмок чакаў, чакаў Хведара Набілкіна, не дачакаўся — сам да яго выйшаў. Сустрэліся яны на паўдарозе. Як убачыў Хведар Набілкін перад сабою страшыдлішча дзевяцігаловае, напужаўся ды, як дуж, ходу назад! Цмок за ім.

Збіўся Хведар Набілкін з роўнай дарогі, трапіў на глухую. А гэтая дарога вяла ў дрыгвяністае балота. Ляцеў, ляцеў ён па глухой дарозе ды ўскочыў проста ў дрыгву. Цмок, не разглядаючы дарогі, таксама туды бухнуўся — адны галовы тырчаць.

Хведар Набілкін лёгкі быў, выскачыў адразу, а цмок так і засеў там, як корч.

Разгледзеўся Хведар Набілкін — моцна сядзіць цмок у балоце, не паварушыцца нават. Схапіў ён цмокаў меч, падняў сяк-так і давай страшыдлішчу галовы адсякаць. Адсек усе дзевяць галоў, цяжкі меч у балота ўтаптаў, а сам пайшоў назад пехатою: кабылку сваю з дрыгвы выцягнуць ніяк не здолеў. Прыйшоў на луг і крычыць:

— Гэй, малайцы! Зараз жа ідзіце ў дрыгвяністае балота, прывядзіце майго багатырскага каня. Я там з паганым цмокам ваяваў, усе дзевяць галоў яму сцяў.

Пайшлі асілкі на дрыгвяністае балота, глядзяць — і праўда: валяюцца ў балоце ўсе дзевяць цмокавых галоў!

— Вось жа, — кажуць, — сіляка! Гэта ж дзіва: утаптаў паганага цмока ў дрыгву і ўсе галовы адсек яму! І чым? Глядзець няма на што: не меч, а каса нейкая ды і толькі!

Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі  (ілюстратар:  Вячаслау Валынец)
Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі (ілюстратар: Вячаслау Валынец)

Узяў Гаравік кабылку пад паху і прынёс гаспадару.

Яшчэ большая слава пайшла пра магутнага асілка Хведара Набілкіна. Дачуўся пра яго сам цар Храпун. Захацелася яму мець пры сабе слаўнага асілка, які дзевяцігаловага цмока адолеў. Паслаў яму запрашэнне.

Зʼявіўся Хведар Набілкін у палац. Цар справіў яму дарагое адзенне, даў лепшы ў палацы пакой, слуг і кухара да яго прыставіў.

Жыве Хведар Набілкін прыпяваючы.

Мінуў год, другі, на трэці год выступіў супраць цара Храпуна злосны ды грозны суседні цар Хапун.

Сабраў ён такое войска, што вокам не акінеш, лікам не злічыш. Стаў ён з войскам ля сталіцы цара Храпуна і паслаў яму абʼяву: выклікаю цябе на бой!

Напалохаўся цар Храпун, пытаецца ў Хведара Набілкіна:

— Што рабіць? Пераможа мяне цар Хапун…

— Не пераможа! — адказвае Хведар Набілкін. — Не турбуйся, бацюхна, ідзі спаць, я сам буду ваяваць.

Цар пазяхнуў соладка і пайшоў спаць, а Хведар Набілкін загадаў, каб усе краўцы, шаўцы, цесляры, сталяры зʼявіліся ў сталіцу кожны са сваім струмантам.

І ўсе майстры з усяго царства зʼявіліся ў сталіцу — цесляры з сякерамі, краўцы з іголкамі, сталяры з піламі, шаўцы з шыламі…

Выйшаў Хведар Набілкін да іх і кажа:

— За тры дні нарабіце мне сем палкоў драўлянага войска!

— Добра, — адказалі майстры. — Наробім!

Як войска было гатова, Хведар Набілкін загадаў:

— Выставіць усё драўлянае войска ноччу за горадам!

Так і зрабілі. А сапраўднае войска Хведар Набілкін схаваў у кустах.

Прачнуўся раніцай цар Хапун, бачыць — стаіць супраць яго сем палкоў войска цара Храпуна: значыць, пара вайну пачынаць.

Цэлы дзень стралялі салдаты цара Хапуна ў салдат цара Храпуна. Увесь порах спалілі, усе патроны патрацілі, а нікога не забілі.

Дзівіцца цар Хапун: ці не зачараванае войска выставіў цар Храпун?

Тым часам Хведар Набілкін даў каманду пускаць у работу сапраўднае войска.

Выбеглі яго салдаты з кустоў ды давай страляць па войску цара Хапуна. Стралялі, стралялі — усё войска перабілі, а самога Хапуна ў палон захапілі і да цара Храпуна прывялі.

Пабудзіў яго Хведар Набілкін і кажа:

— Што загадаеш, бацюхна, з палонным рабіць?

Працёр цар вочы, бачыць — стаіць перад ім звязаны Хапун. Зарадаваўся цар.

— У пушку яго, — кажа, — зарадзіць і выстраліць у той бок, адкуль прыйшоў.

Так і зрабілі.

Паехаў цар за горад, паглядзеў — усё варожае войска покатам ляжыць, а яго ўсе салдаты жывы і здаровы.

— Як гэта табе ўдалося? — пытаецца цар у Хведара Набілкіна. — У Хапуна ж сілы ў тры разы больш было…

— Я, — кажа Хведар Набілкін, — ваюю не сілаю, а розумам.

Паставіў тады цар Храпун Хведара Набілкіна самым галоўным начальнікам над войскам, а сам пайшоў спаць.

Спаў ён цяпер спакойна, бо ніхто з суседніх цароў і не думаў ісці на яго вайною.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_8078

Белорусские Сказки,