Іван прыўкрасны і князь Ладымір

Іван прыўкрасны і князь Ладымір — «Беларускія народныя казкі».

Іван прыўкрасны і князь Ладымір (ілюстратар: Юлiя Рудзiцкая)

Жыў-быў сабе Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, і служыў ён па князях, па панах і па ўсіх багатырах. Не меў ён сабе ні адзення багатага, ні слова добрага. Наняўся ён да князя Ладыміра, кіеўскага самадзержца мнагалітасцівага.

Праслужыў ён у князя тры гады — ды ўсё так сама не меў ні адзення батага, ні слова добрага.

Даждалі Вялікадня. Князь Ладымір стаў сваіх слуг, што былі ў яго, збіраць. Быў у яго Алёшка — лёгкі на язык, салодкі на слова. Князь Ладымір і пытае ў Алёшкі:

— Ніхто на нас не крыўдзіцца? Ніводная душа?

— Ёсць у нас Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны! Той крыўдзіцца.

Паклікаў князь Ладымір да сябе Івана і дае яму куні нячыненыя і шубу няшытую.

— Вось табе куні нячыненыя і шуба няшытая. Каб б ты сабе гэтыя куні пачыніў і сабе шубу пашыў, і каб са мною на завутрань паспеў!

Атрымаў тое Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, і горка заплакаў. Пайшоў ён да ракі Дняпро і думае сам сябе загубіць. А тут бач — зʼяўляецца да яго баба, як сянная капа.

— Чаму ты, Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, журышся? Я твайму гору дапамагу, будзеш мяне за гэта маткай зваць.

— Буду.

— Ну, сядай на мяне.

Баба старая перавезла Івана на той бераг ракі. Там стаіць дом — не ўздумаць, не згадаць, толькі пяром напісаць. Прыносіць баба яго да варотаў, бразнула ў дзверы, выскоквае дзяўчына — Алёна Сівалобаўна.

— От табе друг, будзеш яго сваім мужам называць.

— Буду.

— Вось ты яму куні пачыні і шубу пашый. І выправі з князем Ладымірам на завутрань.

— Кладзіся, друг мой Іван Прыўкрасны, спаць, — гаворыць Алёна Сівалобаўна. А сама выходзіць на ганак ды як крыкне багатырскім голасам! Ідуць да яе ўсе слугі.

— Пра што ты нас пытаеш?

— А вось трымайце, каб б вы куні гэтыя пачынілі і шубу той жа час мне пашылі.

Раніцай Алёна Сівалобаўна стала Івана будзіць:

— Уставай, мой друг, вось шуба гатовая. На завутрань звоняць.

Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, надзеў шубу тую, тады Алёна дае яму тры яечкі.

— Адным ты яечкам князя Ладыміра пахрыстосуй, другім — папа, а трэцяе прывязі ў двор.

Пасля завутрані Алёшка — лёгкі на язык, салодкі на слова — і кажа Івану:

— Пахрыстосуй, брат, і мяне.

Пахрыстосаваў Іван і яго. Прыязджае ў двор, а Алёна і гаворыць яму:

— Хрыстосуй мяне!

— А я, — гаворыць Іван, вочы апусціўшы, — Алёшку пахрыстосаваў…

— От жа дзе дурань. Сабе безгалоўе атрымаеш!

Тады князь Ладымір сабраў багатых і ўбогіх на абед і спытаўся ў багатых:

— Ну, хваліцеся багаццем, буду за багацце хваліць! А ўбогіх — надараць!

Іван Прыўкрасны сядзіць — нічога не адказвае. А Алёшка — лёгкі на язык, салодкі на слова — запышэў і гаворыць:

— Іван сабе жонку знайшоў, прыгажэй за ўсіх на свеце!

А Ладымір на гэта і кажа:

— Паслаць яго да Ваўка Мінчыгрэя па самаграйныя гуслі! Мінчыгрэй яго са свету звядзе, а жонка ў нас застанецца!

Тады напісалі ліст ды паслалі Івана да Ваўка Мінчыгрэя, і сказалі ў дарогу:

— Калі ты не прынясеш нам самаграйныя гуслі, то табе плаха і меч — і галава з плеч.

Узяў той ліст Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, і заплакаў. Прыходзіць ён да Алёны Сівалобаўны, уведала яна пра гэтую гісторыю з князем ды гуслямі і кажа:

— Я табе гаварыла, што будзе табе безгалоўе! Ну, на табе шырынку, кашулю і порткі. Калі ж стане табе зусім кепска, успомні мяне тры разы.

Прыехаўшы да Ваўка Мінчыгрэя, Іван падаў яму ліст ад князя. А Воўк Мінчыгрэй прачытаў ліст і гаворыць:

— У мяне няма гусляў гатовых, трэба каваць. А табе, Іван Прыўкрасны, давядзецца дуць у мяхі на кузні без перадыху трое сутак.

Іван Прыўкрасны тры разы за трое сутак адпачываў, ды Воўк Мінчыгрэй на яго моцна зазлаваў праз гэта і хацеў зʼесці. А Іван Прыўкрасны папрасіў у ваўка сабе лазню, каб на смерць памыцца. Памыўшыся, стаў кашулю апранаць і Алёну Сівалобаўну памінае:

— Дзякуй табе, Алёна Сівалобаўна, што ты мне на смерць кашулечку дала.

А Воўк Мінчыгрэй пачуў і пытаецца ў яго:

— Хто табе Алёна Сівалобаўна?

— Жонка яна мне, — кажа Іван.

— А чаму ж ты мне раней гэтага не сказаў? Яна сястра мне! І ў мяне ёсць гуслі гатовыя.

Воўк Мінчыгрэй і даў Івану гуслі. Ён іх прывёз і аддаў князю Ладыміру. Цераз Алёну Сівалобаўну і застаўся жывым. І цяпер яны жывуць, мёд-віно пʼюць. І я ж там быў, мёд-віно піў — па вусах цякло, а ў рот не папала.

Источник: kazki.unicef.by/kazki.html

Белорусские Сказки,