Кісель

Кісель  — «Беларускія народныя казкі»

Кісель  (ілюстратар: Вячаслау Валынец)

Ажаніўся адзін хлопец і ўзяў сабе жонку з далёкай вёскі. Пажыў ён трохі з маладою жонкаю ды паехаў у госці да цешчы.

Цешча прыняла зяця як трэба: напаіла і накарміла ўсякімі стравамі. А на закуску паставіла кісель з цукрам.

Зяцю ўсё спадабалася. А найбольш кісель. Ніколі такой стравы ён яшчэ не еў: у іх вёсцы ніхто кісялю не варыў.

— Што гэта, маці, за кулеш такі смачны ў цябе? — пытаецца зяць у цешчы.

— Гэта не кулеш, зяцёк, а кісель, — кажа цешча.

— А ці ўмее ж мая Параска яго варыць?

— Дзіва што! Скажы ёй толькі — і яна наварыць.

Паехаў зяць дахаты, а каб не забыцца, як завецца гэты смачны кулеш, усё бубніў сабе пад нос: «Кісель, кісель…»

Па дарозе сустрэў чалавека. Той даў яму «добры дзень». Хлопец адказаў і адразу забыўся, як завецца кісель. Вярнуўся да цешчы.

— Забыўся, — кажа, — як зваць твой смачны кулеш…

— Кісель, зяцюхна, кісель.

— Дай мне яго, маці, лепш напаказ з сабою, а то я зноў забудуся.

Цешча ўзяла кубачак і наліла ў яго крыху кісялю. Узяў зяць той кубачак у правую руку і паехаў. Цяпер яму ўжо не было патрэбы бубніць сабе пад нос: кісель, кісель… «Вось, — думае зяць, — пакажу жонцы кубачак з гэтым куляшом, яна і здагадаецца, што трэба наварыць».

Тым часам едзе насустрач пан у брычцы. Убачыў яго хлопец і падняў па прывычцы руку, каб зняць шапку. А кісель з кубка — плюх! — і выліўся. Ды не ў воз, а за воз, у лужыну.

— А каб на цябе ліха, панок! — вылаяўся са злосці хлопец. — Праз цябе такую дарагую рэч упусціў…

Саскочыў ён з воза і давай боўтацца ў лужыне — кісель шукаць.

Пан спыніўся і пытаецца:

— Што ты, мужык, згубіў тут?

— Кажу ж табе: дужа дарагую рэч, — адказаў засмучаны хлопец.

Пан таксама злез з брычкі ды пачаў у лужыне плюхацца. «Калі знайду, — думае, — гэтую дарагую рэч, то трасцу аддам мужыку».

Плюхаліся яны, плюхаліся ў бруднай лужыне, але нічога не знайшлі.

Разагнуў пан спіну і кажа:

— А нех цябе дʼяблы возьмуць! Змясілі толькі дарэмна гразь на кісель…

Тут хлопец як падскочыць:

— Дзякуй, паночку: кісель, кісель! А сам хутчэй на воз ды па кані. «Варʼят нейкі», — падумаў пан і паехаў сваёю дарогаю.

Прымчаўся хлопец дахаты і да жонкі:

— Умееш кісель варыць?

— Чаму ж не.

— То хутчэй вары, а то я зноў забудуся, як ён завецца.

Источник: https://be.wikisource.org

Белорусские Сказки,