Разышоўся, як заечае сала

Разышоўся, як заечае сала — «Беларускія народныя казкі».

Разышоўся, як заечае сала (ілюстратар: Валерий Слаук.)

Адзін пан вельмі любіў хваліцца. Не было таго дня, каб ён не прылгаў.

Аднаго разу паехаў ён да свайго далёкага сябра. На станцыі наняў фурманку.

Едзе пан, маўчыць. Раптам бачыць: дарогу перабег заяц.

Пан пытаецца ў фурмана:

— А што, ёсць на гэтым aзайцы сала?

— Адкуль, пан, у яго тое сала!

— Дрэнныя ж у вас зайцы. Вось у маім маёнтку зайцы водзяцца, дык сала на іх на цэлы корх будзе.

— Ой, пане, — круціць галавою фурман, — дзе ты бачыў такіх зайцоў? Ці не схлусіў ты?

— Не, — цвёрда стаіць пан на сваім.

— Тут, пане, на дарозе скора брод будзе, — кажа фурман.— Дык у нас, хто хлусіць, то ўсе ў тым бродзе топяцца.

Пан спалохаўся:

— Праўда?

— Калі кажу, дык праўда.

— А далёка да таго броду?

— Не, ужо недалёка.

— Ну, то я, можа, трохі і прыхлусіў, — мякчэе пан. — Не на корх, а на тры пальцы.

— А можа, на адзін?

— А далёка брод?

— Ды вось скора і брод…

— Ну, то няхай будзе на адзін.

— А можа, пане, і на адзін мнагавата? — не адстае фурман.

— А брод далёка?

— Ды от-от перад намі.

— Э, чорт з ім, з тым салам. Можа, і на адзін не будзе, — здаўся пан.

Праехалі яшчэ з паўвярсты.

— Ну, дзе ж твой брод? — пытаецца пан у фурмана.

— Няма.

— А дзе ж ён падзеўся?

— Разышоўся, як сала на панскіх зайцах.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_10019

Белорусские Сказки,