Салдат з таго свету

Салдат з таго свету  — «Беларускія народныя казкі».

Салдат з таго свету (ілюстратар: Валерий Слаук.)

Адслужыў салдат сваю службу і падаўся дахаты. Ідзе дзень, другі, галодны, без капейкі грошай у кішэні.

Зайшоў па дарозе на папоўскі двор. «Хоць вады папрашу», — думае.

Падала яму пападдзя вады і пытаецца:

— Дзе служыў, салдацік?

— На ўсім свеце, — адказаў салдат.

Пападдзі здалося: на тым свеце.

— Ну, як там, служывенькі, на тым свеце, — зацікавілася яна.

— А нішто, — адказвае салдат. — Так, як і на гэтым: ёсць што есці, то ясі, а няма, то зубы на паліцу кладзі.

— Бацьку майго нябожчыка ты часам не бачыў там?

— А як яго завуць?

Пападдзя сказала.

— Дзіва што бачыў, — адказаў салдат. — Яго ўсе ведаюць.

— А што ж ён там робіць?

— Смалу ў пекла на тачцы возіць. Галодны, небарака, не раўнуючы, як той сабака.

Пападдзя забедавала:

— Ай-яй! У нас гэтулькі дабра ўсялякага, а ён там галодны… А скора ты, салдацік, вернешся назад, на той свет?

— Ды, каб не салгаць, заўтра або паслязаўтра буду там зноў…

Зарадавалася пападдзя, напакавала цэлую торбу кілбас, сала, хлеба і просіць салдата:

— Занясі ты, галубок, бацьку, няхай ён хоць трошкі паесць смачненькага.

— Добра, — кажа салдат, — зрабіць гэта мне не цяжка.

Закінуў ён торбу за плечы ды пайшоў з двара падскакваючы.

Прыходзіць неўзабаве поп дахаты. Пападдзя і расказала яму пра салдата з таго свету.

— Што ты, матухна, — не верыць поп. — Ілжэ твой салдат! Абдурыў ён цябе.

Сеў поп на воз і паджгаў салдата даганяць. Ну, конь у папа быў добры, ён як бач і дагнаў яго.

— Куды ідзеш, служывы? — пытаецца поп у салдата.

— Дахаты.

— Садзіся, падвязу.

Салдат сеў. А поп думае сам сабе: падвязу яго да мястэчка, а там здам урадніку ці прыставу. Няхай у астрог яго пасадзяць за ашуканства.

Але, як кажуць, хіцёр Зміцер, ды і Саўка не дурань. Праехалі гэтак з вярсту. І раптам салдат забедаваў:

— Ой, бацюшка, шапку згубіў! Пабягу пашукаю.

Поп думае: хітры, нябось, салдат — пабяжыць шапку шукаць і ўцячэ.

— Чакай, — кажа ён салдату. — Ты змарыўся за дарогу. Пасядзі лепш на возе. Я сам знайду тваю шапку.

Пайшоў поп па шапку, а салдат па кані, па кані — ды толькі яго і бачылі.

Вярнуўся поп дахаты. Пападдзя пытаецца:

— А дзе ж конь, калёсы?

— Аддаў салдату, — кажа поп.

— Навошта?

— Табе ж казаў салдат, што бацька твой у пекле на тачцы смалу возіць. То няхай лепш робіць гэта на кані.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_9577

Белорусские Сказки,