Сапраўдны дурань

Сапраўдны дурань — «Беларускія народныя казкі».

Сапраўдны дурань (ілюстратар: Валерий Слаук.)

Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурань. Разумныя працавалі, вялі гаспадарку, а дурань да работы не меў ахвоты: ляжаў на печы, выграваў плечы.

Паехалі аднойчы разумныя браты араць, а жонкам сказалі:

— У поўдзень прынясіце нам абед.

Згатавалі жонкі абед і кажуць дурню:

— Чаго ты, гультаіна, прыліп да печы? Хоць бы ты абед занёс братам. Тыя, ні свет ні зара ўстаўшы, працуюць, а ты толькі бакі адлежваеш.

— Адчапіцеся! — адмахваецца дурань. — Нясіце самі.

Пабралі братавыя дзеркачы ды сілаю сагналі дурня з печы. Далі яму бохан хлеба, гаршчок капусты і гаршчок кашы ды выправілі ў поле.

Ідзе дурань, варон лічыць. Надакучыла лічыць варон, пачаў навокал азірацца. Бачыць — ідзе за ім яго цень. Дурань падумаў, што гэта злодзей крадзецца, хоча абед адабраць.

— Чаго ты прыстаў да мяне? — закрычаў дурань на цень. — Адчапіся! А то як смальну гаршком, дык табе і канцы будуць!

Пайшоў дурань далей. Азірнуўся — цень не адстае. «Трэба ўцякаць ад гэтага злодзея», — думае дурань. Кінуўся ён бегчы. Бег, бег, змарыўся. Паглядзеў назад, а злодзей тут… Узлаваўся дурань ды запусціў у цень гаршком з капустаю. А сам стаіць і глядзіць, што будзе. Цень таксама стаіць.

— Ага! — закрычаў дурань ад радасці. — Казаў табе: «Адчапіся, а то канцы зраблю!»

Пайшоў дурань далей. Цень зноў ідзе за ім.

— Ах, каб ты выхвараў — ты яшчэ жыў?! — закрычаў дурань. — Вось жа табе!

І запусціў у цень гаршком з кашаю. А сам пабег. Прабег трохі ды парашыў праверыць, ці забіў злодзея. Азірнуўся, а ён тут…

— Дык табе мала двух гаршкоў, нягоднік! На ж табе яшчэ ў прыдачу!

Размахнуўся дурань ды стукнуў злодзея боханам хлеба. А сам зноў пабег далей. Аж глядзіць праз нейкі час — і цень за ім бяжыць.

Бачыць дурань: жывучы злодзей трапіўся, нічым не заб’еш. Напужаўся ён, нарабіў крыку:

— Гвалт! Ратуйце!

Пачулі браты, прыбеглі на дапамогу.

— Чаго ты крычыш? — пытаюцца.

— Ды вось нейкі злодзей прычапіўся… Я яго і прасіў, і гаршкамі біў, — не адстае!

— Ах ты, дурань! — смяюцца браты. — Гэта ж твой цень, а не злодзей!

— А чаго ж ён бег за мною?

— Бо ты бег, дык і цень бег.

Палаялі браты дурня, што гаршкі пабіў, і пайшлі дамоў абедаць. А яму загадалі:

— Пасі коней, адганяй аваднёў.

Узяў дурань галінку і пачаў аваднёў адганяць. Згоніць іх, а яны зноў садзяцца.

— Пачакайце ж, праклятыя, — злуецца дурань, — я вам пакажу!

Высек ён дубінку. І як толькі сядзе авадзень на каня, дурань трах яго дубінкаю!

Біў, біў аваднёў і пазабіваў коней.

«Ну, гэта яны наеліся, — думае дурань, — і спаць палеглі. Адпачну і я трохі».

Вярнуліся браты. Пабудзілі дурня.

— Дзе коні? — пытаюцца.

— Ды вунь, у кустах, спяць.

— А ты аваднёў адганяў?

— А няўжо ж не! — адказвае дурань. — Як пазабіваў аваднёў, дык коні адразу супакоіліся і паснулі.

Пайшлі браты па коней, глядзяць, а тыя і ногі выпруцілі. Пабедавалі яны ды вярнуліся дахаты. Дома напалі на жонак:

— Навошта вы нам дурня паслалі? Ён жа і абеду не данёс і коней са свету звёў. Што мы цяпер рабіць будзем без коней?

Думалі, думалі браты, што ім рабіць, і парашылі ісці ў лес дровы секчы — грошы на коней зарабляць. Узялі з сабою і дурня: там ён шкоды не наробіць.

Браты сякуць добрыя дровы, а дурань да гнілога пня прычапіўся. Выкапаў пень, а пад ім цэлы кацёл грошай…

Сапраўдны дурань (ілюстратар: Валерий Слаук.)
Сапраўдны дурань (ілюстратар: Валерий Слаук.)

Убачылі разумныя браты кацёл грошай, зарадаваліся. Насыпалі поўныя кішэні, ды і палавіны не забралі.

— Ідзі ты, — кажуць дурню, — дахаты па мех. А мы тут застанёмся грошы вартаваць.

Выйшаў дурань з лесу і забыўся, па што яго браты паслалі. Вярнуўся назад і пытаецца:

— Браткі, па што вы мяне паслалі?

— Па мех! — кажуць браты. — А каб ты больш не забываўся, дык ідзі ды ўсё гавары: «Мех, мех…»

Ідзе дурань і мармыча сам сабе: «Мех, мех, мех…». У дарозе апанавалі яго сабакі. Дурань гудзе пад нос: «Мех, мех, мех…». А сабакі так і круцяцца каля ног, за лыткі хапаюць.

— Ах, каб вас ваўкі з’елі! — закрычаў дурань на сабак і кінуўся наўцёкі.

Уцёк сяк-так ад сабак ды зноў забыўся, па што ідзе. Вярнуўся назад:

— Браткі, па што вы мяне паслалі?

— Па мех, дурань ты!

— Гэта ж мяне, — кажа дурань, — сабакі апанавалі, дык я пачаў на іх крычаць і забыўся, па што ішоў.

— Дурань ты! — адказваюць браты. — Трэба было ўзяць палку ды таго-сяго па баках, таго-сяго па зубах… Не хадзіце, брахуны, па шляхах, не пужайце людзей!

Узяў дурань добрую палку і пайшоў па мех. Сустракае па дарозе папоў і дзякоў.

— Куды вядзе гэтая дарога? — пытаюцца папы і дзякі ў дурня.

А дурань у адказ:

— Сюды мех, туды мех і туды мех…

Папы і дзякі падумалі, што ён смяецца з іх. Накінуліся на дурня:

— Мы ж табе пакажам зараз і мех і смех!

А дурань як махне палкаю — таму па баках, таму па зубах…

— Не хадзіце, — крычыць, — брахуны, па шляхах, не пужайце людзей!

Паразганяў папоў і дзякоў ды зноў забыўся, па што ідзе. Вярнуўся назад:

— Браткі, па што вы мяне паслалі?

Бачаць браты, што з дурнем кашы не зварыш, плюнулі і пайшлі самі па мех.

Недарэмна ж кажуць: «Пашлі дурнога, а за ім другога».

Источник: https://vk.com/wall-109420523_9969

Белорусские Сказки,