Як пана віншавалі

Як пана віншавалі  — «Беларускія народныя казкі».

Як пана віншавалі (ілюстратар: Валерый Пятровіч Славук)

Нарадзіўся ў пана сын.

Даведаўся пра гэта аканом. «Трэба,— думае,— павіншаваць пана».

Паклікаў ён старасту, лёкая і фурмана ды кажа ім:

— Пойдзем віншаваць пана з сынам. Я буду гаварыць першы, а ты, стараста, скажаш за мною: «З усім дваром», а ты, лёкай: «З дзецьмі і з жонкаю», а ты, фурман: «І з усім сваім набыткам». Зразумелі?

— Зразумелі!

— Толькі ж, глядзіце, гаварыце шчыра, ад душы. Калі ўсё ўдала скажаце, дык пан узнагародзіць нас.

— Добра,— кажуць слугі. — Мы ад душы павіншуем пана. Бо хто ж яго больш любіць, як не мы!

А каб не ісці да пана ў такі дзень з пустымі рукамі, аканом напакаваў рэшата яек і загадаў парабку несці.

Сабраліся так ды і пайшлі пана віншаваць: спераду парабак з рэшатам яек, за парабкам аканом, за аканомам — стараста, за старастам — лёкай, за лёкаем — фурман.

Падышлі да панскіх пакояў. Тут раптам у парабка развязалася абора ад лапця. Аканом наступіў на абору — парабак так і грымнуўся кулём цераз парог з рэшатам яек…

Як убачыў гэта аканом, забыўся на ўсё ды крыкнуў са злосці:

— Бадай ты прапаў!

Стараста не дачуў, што сказаў аканом, і падхапіў шчыра, ад душы:

— З усім дваром!

Лёкай пакланіўся нізка і запеў салодкім голасам:

— З дзецьмі і з жонкаю!

А фурман грымнуў басам на ўсё горла:

— І з усім сваім набыткам!

Пан як пачуў такое віншаванне, дык у яго і вочы на лоб палезлі.

Иллюстратор:  Валерий Слаук.

Белорусские Сказки,