Як Васіль змея перамог

Як Васіль змея перамог — «Беларускія народныя казкі».

Як Васіль змея перамог (Беларускія народныя казкі)

Было яно ці не было, праўда ці няпраўда, — паслухаем лепш, што казка кажа.

Ну дык вось. Прыляцеў у адзін край страшэнны змей. Выкапаў ён сярод лесу ў гары глыбокую яму і лёг адпачываць.

Доўга ён адпачываў ці нядоўга — ніхто таго не памятае. А як устаў, дык адразу на ўвесь край закрычаў:

— Гэй, людзі — мужыкі і кабеты, старыя і малыя, — насіце мне кожны дзень даніну: хто гавядзіну, хто бараніну, а хто — свініну! Хто прынясе, той жыць будзе, а хто не — таго змей праглыне!

Напалохаліся людзі, пачалі насіць змею даніну.

Насілі, насілі, а потым глядзяць — і насіць няма чаго. Чыста згалелі. А змей быў такі, што без даніны не мог пражыць і гадзіны. Пачаў ён тады сам па вёсках лятаць, людзей хапаць — у нару да сябе цягаць…

Ходзяць людзі як непрытомныя, галосяць, не ведаюць, як ад ліхога змея збавіцца. Ніхто не можа даць яму рады, бо сіла ў змея такая, што кожнага з ног збівае.

А жыў у тым краі адзін чалавек. Не сказаць каб дужы, але смелы і здагадлівы. Звалі яго Васіль.

Аднойчы Васіль і кажа суседзям:

— Ну што ж, паспрабую хіба я са змеем сілаю памерацца!

— Дзе табе з ім сілаю мерацца! — адказваюць суседзі. — Дарэмна толькі загінеш.

— Нічога, — кажа Васіль, — у яго сіла, а ў мяне розум. Паглядзім, што мацней.

Запрог ён каня, узяў тоўстую доўбню і паехаў у лес да змея.

Убачыў яго змей, вытарашчыў свае зялёныя вочы і пытаецца:

— Чаго ты сюды прыехаў з гэтаю доўбняю?

— Цябе біць! — адказвае Васіль.

— Бач ты яго! — здзівіўся змей. — Уцякай лепш, пакуль не позна, бо як дыхну, як свісну, дык на нагах не ўстаіш, за сем вёрст адляціш!

Усміхнуўся Васіль і кажа:

— Не хваліся дарэмна, пудзіла ты старое, — я не такіх бачыў! Яшчэ паглядзім, хто з нас мацней свісне. Ну, свішчы!

Засвістаў змей, ды так моцна, што аж лісце з дрэў пасыпалася, лес зашумеў. А Васіль за дуб ухапіўся, стаіць сабе і хоць бы што.

— Э, — кажа ён, — глупства! Хіба так свішчуць? Паслухай лепш, як я свісну. Толькі раю — завяжы сабе вочы, бо адразу наверх павылазяць.

Збянтэжыўся змей. «Можа, і праўда, — думае, — лепш завязаць вочы».

Завязаў ён вочы анучаю.

— Ну, цяпер свішчы сабе!

Узяў Васіль доўбню, размахнуўся ды як свіснуў змею па галаве, дык у таго аж іскры з вачэй пасыпаліся,

Ачухаўся змей, дзівіцца на Васіля:

— Няўжо ты дужэйшы за мяне? Не можа таго быць! Давай яшчэ раз сілу паспрабуем.

— Давай, — згаджаецца Васіль.

Схапіў змей камень, сціснуў лапамі, ды так моцна, што аж пыл пасыпаўся.

— Нічога дзіўнага! — смяецца Васіль. — Вось ты паспрабуй сціснуць камень так, каб з яго вада палілася.

Развязаў Васіль торбу, выняў свежы сыр і сціснуў яго на ўсю сілу — сыроватка так і палілася…

Бачыць змей — Васіль і праўда дужэйшы за яго. Напалохаўся ён і кажа:

— Прасі ў мяне што хочаш, я табе ўсё дам.

— Нічога мне не трэба, — адказвае Васіль. — У мяне дома ўсяго больш, як у цябе.

— Не можа быць! — не верыць змей.

— Не верыш, дык паедзем паглядзім.

— Добра, паедзем.

Селі на воз і паехалі.

Тым часам у дарозе змею захацелася есці. Убачыў ён чараду валоў пры лесе і кажа да Васіля:

— Схадзі злаві вала, перакусім трохі.

Пайшоў Васіль у лес і пачаў лыкі драць.

Чакаў, чакаў змей — няма ні Васіля, ні вала. Прыйшоў ён сам у лес.

— Што ты так доўга тут робіш? — пытаецца ў Васіля.

— Лыкі дзяру.

— Навошта?

— Хачу вяровак навіць ды на абед валоў з пяць злавіць…

— Навошта нам пяць валоў? Хопіць і аднаго!

Схапіў змей вала за карак і павалок да воза.

— А ты, — кажа Васілю, — прынясі дроў вала смажыць.

Сеў Васіль у лесе пад дубам і сядзіць сабе, люлькаю пыхкае.

Чакаў, чакаў яго змей — не дачакаўся. Зноў прыходзіць да Васіля.

— Што ты так доўга тут робіш?

— Ды вось выбіраю дубы таўсцейшыя — хачу адразу з дзясятак прынесці.

— Навошта нам дзесяць дубоў? Хопіць і аднаго!

Вырваў змей самы тоўсты дуб і панёс да воза.

Засмажыў вала і кліча Васіля частавацца.

— Э, — кажа Васіль, — што з аднаго вала за наедак? Гэта мне на раз укусіць. Еш сам.

З’еў змей вала, і паехалі далей.

Пад’ехалі да Васілёвай хаты. Убачылі дзеці здалёк бацьку і закрычалі ад радасці:

— Тата едзе! Тата едзе!

А змей недачуў і пытаецца:

— Чаго там дзеці крычаць?

— А гэта яны радуюцца, што я цябе ім на абед вязу. Яны ў мяне даўно галодныя.

Спалохаўся змей, саскочыў з воза і як дуж кінуўся наўцёкі.

Але не разглядзеў дарогі — трапіў у балота. А балота было такое, што і дна не дастаць.

Праваліўся змей у балота ды там і захлынуўся.

Источникhttps://be.wikisource.org

Белорусские Сказки,