«Беларускія легенды і паданні» — Каменная труна

Каменная труна — Легенды Беларусі.

Каменная труна (Легенды Беларусі)

Непадалёку ад мястэчка Дзісна, з правага боку тракту, што ідзе на Германавічы, праязджаючы, убачыце стракатую горку, парослую лесам. Горка гэтая абкружана гразкім балотцам, а наверсе яе, на самым шчыце, ляжыць вялізарная каменная труна.

Калі, хто і на якую памятку палажыў там гэтую труну, ніхто не ведае, а народ перадае з пакалення ў пакаленне цікавую гісторыю.

Калісь-то, даўным-даўно на горцы стаялі пышныя харомы багатых баяр Няміраў. Кругом — дубовы частакол і роў, заліты вадой. Далёка славіліся між ворагаў недаступнае няміраўскае гняздо, а яшчэ далей — іх родавая акружная слава. У збройніцкай святліцы няміраўскіх харомаў на пачэсным месцы віселі каваны, упрыгожаны золатам шчыт і меч слаўнага Грымона Няміры, што хадзіў з Алегам на грэкаў. Гэткі-то быў род Няміраў.

Ды толькі цяперашні нашчадак роду, пануры Бутрым, пагоршыў славу роду свайго. Не перамогамі ў бітвах з ворагамі памнажаў ён сваё багацце, а разбоямі і крыўдай паднявольнага люду. У глыбокіх падхаромных падвалах поўна было закаваных людзей, якіх сваімі рукамі любіў катаваць Бутрым. Праходзячы міма няміраўскага двара, часта чулі людзі стогны і плач, а часам азёрныя хвалі выкідалі на бераг чалавечыя целы.

Цяжка жылося ў панурых няміраўскіх харомах Бутрымавай жонцы, прыгожай пані Мары. Аднойчы ў ноч маёвую пані Мары асабліва цяжка зрабілася ад горкае свае долі, у садку стоячы, у адчаі схіліла яна галаву на плячо баярчыцу Стаўру Рамашковічу і горка заплакала. У гэты момант у садок зайшоў баярын Бутрым. Грозна ён кінуў вокам на жонку і на маладога баярчыца. Моўчкі спыніўся, пляснуў у далоні. Калі ж з’явіліся стральцы яго — сказаў панура баярын:

— Сягоння ў нас будзе гучны банкет тут. Распаліце смалістыя лучніцы, пастаўце сталы цясовыя, наліце мёду і вінаў заморскіх поўныя вёдры ды паклічце скрыпача майго.

Мігам служба паставіла сталы і каля сталоў дубовыя лавы, абабітыя мядзведжымі шкурамі, а баярыну і яго жонцы прынеслі два глыбокія, у грэкаў прадзедамі здабытыя, аблямаваныя золатам крэслы. Смалістыя лучніцы ярка асвятлялі сад. Скрыпач са скрыпкай стаяў напагатове. Баярын падышоў да скрыпача, узяў з рук у яго скрыпку, крануў рукою струну і сарваў, крануў другую — і сарваў, і гэтак да апошняй.

— Кепскія ў цябе, малойча, струны,— сказаў баярын.— А я хачу сягоння музыкі ёмкай, гучнай. Гэй, верныя мне стральцы-патужнікі. Станько, Гойніч і Рэзан, вазьміце во гэтага падсуседзіча майго, Рамашковіча, за белыя плечы і нарабіце да банкету струн. А ты, красная пані, жонка мая, сядай побач са мной у залатое крэсла і, пакуль слугі мае зматаюць матэрыял на струны на тую во белую яблыньку, будзеш піці са мною, спраўляючы трызну па гладкім баярчыцу.

Страшныя нават у Бутрымавай дружыне Станько, Гойніч і Рэзан, бліснуўшы толькі вачыма, узяліся за крывавую справу: павалілі баярчыца на зямлю, распаролі жывот і пасля, водзячы вакол яблыні,— той самай, пад якой паўгадзіны таму назад ён стаяў з краснай паняй Марай — наматвалі на яе струны…

Не мінула і гадзіны, як струны былі прамытыя, пасушаныя на агні і нацягнутыя на скрыпку.

Музыка зайграў вясёлую застольную песню, але ні песні той, ні голасу скрыпкі не чула красная пані Мара. Бледная, яна спакойна спала ў крэсле вечным сном: сэрца ў яе не вытрымала мужавага банкетнага пачастунку і разарвалася. Толькі баярын да ўсходу сонца трызнаваў з дружынай над маладымі нябожчыкамі, слухаючы плач скрыпкі ды заліваючы сумленне віном.

Многа гэткіх спраў рабіў баярын Бутрым і не сунімаўся ў ліхадзействе сваім.

Кажуць, харомы потым праваліліся скрозь зямлю, а на месцы іх засталася каменная труна, у якой і цяпер ляжыць скамянелы баярын Бутрым Няміра.

 Источник: https://be.wikisource.org

Легенды Беларуси,