«Беларускія легенды і паданні» — Лебедзева

Лебедзева — Легенды Беларусі.

Лебедзева (Легенды Беларусі)

Доўгі час сялібу называлі Лебедзева Дно…

Быццам бы ў далёкія часы на месцы сяла Лебедзева, між тых самых пагоркаў, разлілося вялікае возера. Людзі, што жылі на яго прыгожых берагах, лавілі ў возеры рыбу, палявалі ў чароце на качак, касілі на прыбярэжных лугах буйныя травы.

Выцякала з возера тая самая рачулка Нявежа, але глыбокая, паўнаводная, а на яе берагах стаялі багатыя вёскі ды хутары. Называлася возера Лебедзевым таму, што пасярэдзіне яго, на востраве, здаўна жылі лебедзі. Але нават самыя зацятыя паляўнічыя не чапалі, не палохалі гордых птушак. Усе ведалі — гэта яны, лебедзі, ахоўваюць возера, тайна ад людзей будуюць і рамантуюць схаваныя пад вадою плаціны і дамбы. Таму возера і трымаецца між пагоркаў.

Толькі знайшоўся злы чалавек. Падплыў аднойчы да вострава і застрэліў самага вялікага лебедзя-важака. Пакінулі лебедзі возера. А праз год ці два прагнілі, схаваныя ў чароце і пад вадой, лебядзіныя дамбы. Спатрэбілася ўсяго тры дні, каб вада назаўсёды выцекла са сваёй катлавіны-чашы, сплыла ў вялікую раку. Шмат было бяды. Па берагах Нявежы пазносіла хаты, змыла з палеткаў ураджай, патапіла скаціну.

Прайшоў час, людзі забыліся на тую бяду і пачалі зноў сяліцца ў зручным зацішку — на дне былога Лебядзінага возера. Таму новую сялібу і называлі спачатку Лебедзевым Дном. Пазней, калі ўжо ніхто не памятаў аб возеры, па дне якога цяпер праходзіла вуліца і стаялі хаты, захавалася ад назвы толькі першая яго частка — Лебедзева…

Источник: https://be.wikisource.org

Легенды Беларуси,