«Легенды Полацка» — Заклятая магіла волата

Заклятая магіла волата — Легенды Беларусі.

Заклятая магіла волата (Легенды Беларусі)

У ваколіцах Полацка, расказвалі, у даўнія часы бесперапынна ішлі войны. І засталося паданне, што частка нейкага разбітага войска, баючыся, каб яго нарабаванае багацце не трапіла ў рукі непрыяцеля, золата і серабро, якое мела пры сабе, закапала ў зямлю на ўзгорку, а наверх паклалі дзікі камень.

Ён павінен быў паказваць тое месца, калі б хто-кольвек з іх вярнуўся, каб адшукаць схаваныя скарбы. Але прайшлі сотні гадоў, а камень ляжаў на тым самым месцы, а пад ім некранутыя скарбы.

Слухаючы такія размовы, колькі полацкіх хлопцаў дамовіліся пайсці ноччу на той узгорак, здабыць скарбы і падзяліць між сабой пароўну. Тады, калі ўсе спалі, узяўшы патрэбнае прыладдзе, выйшлі за горад.

Ноч была пагодная, неба ўсеяна зоркамі, а поўны месяц свяціў у вышыні. Ішлі ціха і асцярожна, каб іх ніхто не спаткаў на дарозе. Мінулі касцёл святога Ксаверыя, дзе спачываюць прахі манахаў і тутэйшых людзей, чулі, як адгукаліся галасы вартаўнікоў у Спасе, звярнулі з дарогі і пайшлі ўсцяж ракі аж да патрэбнага месца.

Узышлі на ўзгорак, знайшлі той дзікі камень. Палова яго была ў зямлі, а верхняя частка пакрытая сухім мохам. Акапалі яго кругом, супольна вынялі з таго месца і глыбока ў зямлю ўваткнулі жалезную рапіру. І тады вострым канцом яна ўпёрлася нібы ў нейкую бляху. Тут напэўна скарб — і пачалі раскопваць зямлю.

Працавалі доўга, часта пробавалі рапірай,— скарб ляжаў неглыбока, але колькі ні капалі, зямля ізноў асыпалася з усіх бакоў і напаўняла яму. Нейкі час стаялі ў здзіўленні, ім здалося, што скарб закляты, засыпаецца пяском і не хоча дацца ім у рукі.

Калі параіліся між сабою, што рабіць далей, на ўсходзе з’явілася чорная хмара, якая закрыла ўсё неба, і месяц схаваўся ў густых аблоках. Зрабілася так цёмна, што яны ледзь бачылі адзін аднаго, і пайшоў ціхі дожджык.

— Работа лепей пойдзе, калі пясок крыху намокне,— сказаў адзін з іх.— А болей не трацьма дарэмна часу.

Падбадзёрваючы сябе, дружна пачалі ізноў капаць і выкапалі цяпер такую доўгую і шырокую яму, якая ўжо лёгка не магла засыпацца.

Рыдлёўкі слізганулі па жалезу.

— Кацёл, кацёл з грашамі! — радасна закрычалі яны.

Толькі калі акапалі вакол і хацелі падняць з зямлі, убачылі, што гэта быў важкі жалезны панцыр; пакрываў ён грудзі шкілета, у якога пры боку ляжаў меч, а на чэрапе быў жалезны шышак. Сталі яны ў здзіўленні і глядзелі, як недарэчна падманула іх надзея.

Тады адзін смялейшы кажа:

— Пакінем гэты шкілет, а зброю возьмем сабе, няхай застанецца яна хоць памяткай аб нашай начной працы.

Толькі яны намерыліся так зрабіць, як раптам бліскавіца асвяціла ўзгорак, і бачаць: стаіць агромністы асілак у жалезным панцыры і трымае востры меч над іх галовамі.

Трывога праняла іх сэрцы, грымоты ўзрушылі зямлю, і асілак прамовіў:

— Нікчэмныя! Золату і серабру прадалі ўсе пачуцці вашы, толькі ў багацце ўклалі свае надзеі, не ўшанавалі прах волата, які з годнасцю скончыў тут жыццё…

Загрымела ў аблоках, і асілак знік з іх вачэй…

Пры святле бліскавіцы ізноў убачылі перад сабой засыпаную пяском яму, і падалося ім, што на тым месцы зямля някранута была…

Источник: https://be.wikisource.org

Легенды Беларуси,