«Лоскія паданні» — Белая каса

Белая каса — Легенды Беларусі.

Белая каса (Легенды Беларусі)

Жыла калісьці за сценамі Лоскага замка прыгажуня-дзяўчына з залатою касой.

Прыехаў аднойчы ў замак пагасцяваць станісты і прыгожы юнак, пакахаў дзяўчыну. Нішто, здавалася, не магло перашкодзіць іх шчасцю. Быў ужо і дзень вяселля прызначаны, але тут пачалася вайна. І давялося юнаку ўзяць меч і ваенныя даспехі і з усімі разам пайсці ваяваць.

Перамаглі яны ворагаў, прагналі са сваёй зямлі, але не паспеў малады воін даехаць да Лоска, як зноў напалі на іх зямлю ворагі і зноў давялося яму выпраўляцца ў паход. Вадзіў храбры воін ужо цэлае войска, і змагаліся яны то ў далёкіх гарах, то ля самага сіняга мора. Цэлых семнаццаць гадоў. Але не забыў ён сваю прыгажуню-панначку, і яна таксама засталася верная клятве: усе семнаццаць гадоў чакала толькі яго.

І настаў нарэшце дзень, і гучна заспявалі трубы, і ў двор Лоскага замка ўехаў на баявым кані праслаўлены воін.

Хутка ўзбег ён у высокую вежу, дзе былі пакоі панначкі, адчыніў дзверы і замёр: насустрач яму з верацяном у руках устала незнаёмая сівая жанчына і, усміхаючыся, нізка пакланілася.

Аслупянеў воін, адступіў назад, хоць і пазнаў усмешку панначкі.

— Заходзь, гэта ж я, твая нявеста! — паклікала яго жанчына.

Не зрабіў воін і кроку. А панначка падбегла да акна і кінулася ўніз…

Апамятаўся воін, сарваў з сябе меч, пабег уніз па лесвіцах. Укленчыў на двары над распасцёртай панначкай і раптам убачыў, што ляжыць перад ім усё тая ж маладая прыгожая дзяўчына і толькі яе тонкую шыю абвівае не залатая, а белая, як снег, каса.

Источник: https://be.wikisource.org

Легенды Беларуси,