«Заклятыя Скарбы» — Начніцы

Начніцы — Заклятыя Скарбы.

Начніцы (Заклятыя Скарбы, ілюстратар:  Алексей Новицкий)

Начніцы часцей за ўсё гуляюць улетку, калі лес убярэцца ў лісце, на паплавах зацвітуць кветкі, на палетках закаласіцца жыта, а ўсюды так стане хораша, што, здаецца, усё жыццё сядзеў бы сярод зялёных, пахучых лісцяў і красак, якія спавіваюць і поле, і поплаў, і лес.

Але так не бывае, каб усё добра было. Калі навокал прыгожа, а на сэрцы радасна, дык абавязкова бяда зусім блізка. Толькі сонейка схаваецца за лес — лясныя нетры напаўняюцца ўсялякімі галасамі. Рагочуць, гойдаючыся на галінах, русалкі, ломяць дрэвы лесавікі, пагрозліва трашчыць нечысць, з лазовых кустоў выбягае чарада начніц. Хапае тады жаху добрым людзям.

Аднойчы напачатку лета захацелі мы з Данілам налавіць уюноў.

Узялі сакі і папхнуліся да возера. Возера плыткае, адна гразюка, а ўюноў — хоць шуфлем шуфлюй. Як бачыш налавілі паўчоўна. Больш нельга, бо човен ваду зачэрпвае. Ледзь прыпхаліся да берага.

Знайшлі сухі грудок і заначавалі пад вярбою. Толькі закурылі люлькі, як раптам паблізу штосьці заверашчала, запішчала і так зарагатала — аж лес захістаўся.

Трэба хутчэй вогнішча класці, бо агню ўсялякая нечысць баіцца. А тут, як на бяду, на грудку няма ні галля сухога, ні карчоў старых. Сядзім і ляскаем зубамі ад страху.

Ноч выдалася хмурная, мала што відаць праз галіны вярбы. Пачалі мы пільней прыглядацца, што вакол нас робіцца. Пасярэдзіне возера густы туман стаіць, а ў тумане штосьці мітусіцца, быццам дзяўчаты фартухамі махаюць. Адразу здагадаліся, што начніцы ігрышча спраўляюць.

Ледзь перачакалі ноч. Пачало, дзякаваць Богу, світаць. Прылеглі, каб хоцьтрОхі адпачыць. Не змаглі — рогат і піск не сунімаліся. Няма чаго рабіць: падняліся мы і падыбалі да ракі. Адно прадзерліся праз лазу — выскачылі з кустоў начніцы. Падбеглі да ракі і — плюх! плюх! — у ваду.

Мільганулі і больш мы іх не бачылі.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_6608

Легенды Беларуси, Мифология Беларуси, ,