«Заклятыя Скарбы» — Зачараваныя грошы

Зачараваныя грошы — Заклятыя Скарбы.

Зачараваныя грошы (Заклятыя Скарбы, ілюстратар:  Алексей Новицкий)

Вяртаўся салдат пасля пабыўкі ўдома на вайсковую службу. Ішоў ён, ішоў і здагнала яго ноч каля нейкай вёскі.

Багацей, вядома, у хату служывага не пусціў, на хлеў паказаў, маўляў, і там пераначуеш. Салдат не надта пакрыўдзіўся ад такой гасціннасці — абы страха над галавою.

Але ў тую ноч яму штосьці не спалася. Варочаўся з боку на бок, а заснуць не мог. Раптам чуе — хтосьці тупае непадалёку ад хлява.

Падхапіўся служывы, давай сачыць, што тут робіцца. Ажно бачыць — ідзе па двары гаспадар, а за плячыма ў яго срэбра звініць у мяшку.

Падышоў да ямы, выкапанай каля гумна, азірнуўся, прыслухаўся, потым сыпануў срэбра ў яму і вярнуўся назад у хату. Мусіць, шмат было ў багацея срэбра, бо неўзабаве яшчэ дзве меркі прынёс. I зноў падаўся ў хату.

А салдат тым часам адчыніў дзверы хлява, зняў з сябе крыжык і кінуў яго на скарб. Сам не паказваецца, далей назірае. Багацей прынёс яшчэ тры меркі срэбра. Высыпаў іх у яму і старанна закідаў скарб зямлёю.

Тады ўзяў стрэльбу, бабахнуў з яе і сказаў:

— Як гэты стрэл пачуўся далёка, так мае грошы апусціцеся глыбока!

I срэбра адразу зазвінела, правальваючыся ў падзямельную бездань.

Назаўтра раніцай салдат развітаўся з гаспадаром і пайшоў далей сваёй дарогай.

Адслужыўшы ўсе дваццать пяць гадоў у войску, вяртаўся салдат назусім дахаты. I здарылася так, што трапіў ён у тую самую вёску, дзе калісьці начаваў. Гаспадар, у якога ён спыняўся, даўно памёр. Дзецям сваім ні капейчыны не пакінуў, таму жылі яны вельмі бедна, у галечы.

Пашкадаваў салдат небаракаў, сказаў ім, што яны маюць скарб і павёў з рыдлёўкамі да гумна. А перад тым як паказаць, дзе капаць, сказаў:

— Дамовімся так… Тыя грошы, што да крыжыка, — мае, астатнія — вашы.

Спадчыннікі пагадзіліся. Неўзабаве скарб быў адкапаны.

Узяў салдат срэбра, насыпанае да крыжыка.

Надышла чарга збіраць грошы гаспадарам хаты. Толькі яны знялі крыжык з зачараваных грошай — пачуўся звон, і срэбра невядома куды знікла.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_6489

Легенды Беларуси,